Бобруйский новостной портал BOBRlife

Бобруйск — Новости — Новости Бобруйска — Погода — Курсы валют — Общественно-политическая газета — Бобруйский портал — Бобруйск новости — бобр лайф — бобрлайф — Зефир FM — Бабруйскае жыцце — бж — bobrlife

Ёсць тэатр! Ёсць кантакт! Ёсць «М@рт-кантакт»!

26 0

Ёсць тэатр! Ёсць кантакт! Ёсць «М@рт-кантакт»!

У васямнаццаты раз на сцэне Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра праходзіць Міжнародны маладзёжны тэатральны форум «М@рт-кантакт». Традыцыйна і наш тэатр бярэ ўдзел у конкурснай праграме з дваццаці чатырох спектакляў, гэтым разам – са спектаклем-­разважаннем «Нюрн­берг. Лава падсудных» А. Ігнашова ў пастаноўцы Вольгі Барысавец.

Не паспеўшы апынуцца ў файе, зацікаўленыя гледачы, члены журы і крытыкі становяцца паўнапраўнымі ўдзельнікамі працэсу – суда над галоўнымі нацысцкімі злачынцамі. Здаецца, усе яны пераносяцца ў далёкі 1945-й – год Вялікай Перамогі і пачатку судовага працэсу ў Нюрнбергу, які некалі стаў калыскай фашызму. Запоўненая зала, здаецца, не дыхае, назіраючы за тым, што адбываецца на сцэне. Не, не на сцэне – у зале судовых пасяджэнняў нумар шэсцьсот Нюрнбергскага палаца правасуддзя. Асуджэнне, агіда, непрыняцце, неразуменне, як падобныя на нас людзі маглі рабіць такія зверствы! «А ці людзі яны, тыя, хто здольны на такое?» – чытаецца пытанне ў вачах узрушаных гледачоў. «Да дрыжыкаў, да слёз, да адчування жывёльнага страху», – такія водгукі гледачоў не проста натхняюць – акрыляюць! Значыць, артысты пацэлілі ў самае сэрца кожнага. Пра гэта, пра эмоцыі з таго боку рампы сведчаць спачатку грабавая цішыня, а потым гром апладысментаў уражаных і ўдзячных гледачоў. Усё атрымалася – і тым больш каштоўныя апладысменты прызнання не на сваёй сцэне падчас міжнароднага фестывалю. З хваляваннем чакаем закрыцця форуму, якое адбудзецца акурат у Міжнародны дзень тэатра, 27 сакавіка, і спадзяемся на прафесійнае прызнанне нашага «Нюрнбергу» крытыкамі і членамі журы.

І шчыра віншуем усіх датычных з Міжнародным днём тэатра! Няхай заўсёды шчасціць і шанцуе на вашым цікавым, творчым і неабходным людзям шляху!

Таццяна Мурманцава