Бобруйский новостной портал Bobrlife

Бобруйск — Новости — Новости Бобруйска — Погода — Курсы валют — Общественно-политическая газета — Навіны Бабруйска — Бобруйский портал — бобр лайф — Зефир FM — Бабруйскае жыцце — Бобруйск новости

У прадчуванні тэатральнага свята. Бабруйскi тэатр рыхтуецца да ІХ Рэспубліканскага фестывалю нацыянальнай драматургіі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча

11 0

У прадчуванні тэатральнага свята. Бабруйскi тэатр рыхтуецца да ІХ Рэспубліканскага фестывалю нацыянальнай драматургіі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча

Прыемна ўсведамляць, што да нас на спектаклі завітваюць гледачы не толькі з розных гарадоў Беларусі, але і з іншых краін. Любуюцца нашым горадам і тэатрам, захапляюцца ігрой нашых артыстаў і пакідаюць натхняльныя водгукі: «Тэатр – цэнтр культурнага жыцця Бабруйска. Тут можна прыемна правесці час з сям'ёй або з сябрамі. Дзіцячыя казкі – гэта проста шэдэўры, якія з задавальненнем можна гля­дзець і дарослым, успамінаючы дзіцячыя гады. Тэатр знаходзіцца ў самым цэнтры горада: гэта вельмі зручнае месцазнаходжанне для гасцей Бабруйска. Побач крамы, кафэ, рэстараны, парк, знакамітая вуліца Сацыялка з гістарычнай забудовай і, вядома ж, Бабруйскі рынак. Жадаеце адчуць каларыт горада – прыяз­джайце ў Бабруйск, прагуляйцеся па вуліцах і абавязкова зазірніце ў тэатр».

А з 28 лістапада па 3 снежня вы мусіце не проста зазірнуць на абраны спектакль, а апынуцца ў атмасферы сапраўднага тэатральнага свята. Менавіта ў гэты час адбудзецца галоўная падзея юбілейнага сезона – ІХ Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча. На працягу шасці дзён разнастайныя спектаклі па творах беларускіх аўтараў пакажуць адзінаццаць тэатраў Беларусі. Каб выпраўляцца ў дарогу, ужо пакуюць валізы трупы з Мінска і Гомеля, Маладзечна і Пінска, Магілёва і Віцебска.

Статуэтка ўдзельніка фестывалю

Рыхтуемся і мы: на долю арганізатараў выпадае вельмі шмат працы, цікавай і адказнай. Прычым праца гэтага кшталту пачалася ў тэатры ў далёкім 1997 годзе, калі наладзілі свята, прысвечанае 190-годдзю з дня нараджэння Дуніна-Марцінкевіча – слыннага суайчынніка, пачынальніка нацыянальнай драматургіі, чалавека, які адным з першых «выступіў на ніве беларускага пісьменства, усёй сваёй падзвіжніцкай дзейнасцю сцвярджаючы ідэю існавання айчыннай літаратуры на роднай мове». Два галоўныя тэатры Беларусі – імя Янкі Купалы і Якуба Коласа – паказалі тады «Ідылію» і «Залёты», а наш тэатр – «Пінскую шляхту».

Праз год, у 1998-м, пачаў сваю працу першы Фестываль нацыянальнай драматургіі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча. І адразу ўзяў на сябе вельмі важную місію – захаванне, прасоўванне і развіццё беларускай драматургіі. Паказваць і папулярызаваць сур’ёзную драматургію, рабіць такія спектаклі цікавымі для гледача – такой бачылася задача фестывалю. Свае лепшыя спектаклі паводле п'ес айчынных аўтараў – А. Адамовіча, А. Дударава, Е. Міровіча, А. Паповай, Д. Мінчонка і В. Дуніна-Марцінкевіча – паказалі шэсць беларускіх тэатраў.

І цягам дваццаці сямі гадоў мы з’яўляемся шчаслівымі арганізатарамі, удзельнікамі і відавочцамі тэатральнага свята рэспубліканскага (а часам і міжнароднага!) узроўню. За гэты час склалася багатая на цікавыя факты і таленавітых людзей гісторыя фестывалю. Некаторыя, самыя значныя, моманты ўзгадаем зараз.

Адметным быў трэці фестываль нацыянальнай драматургіі, які было вырашана правесці без конкурснай асновы і ў статусе міжнароднага. Гэта было ў год 200-годдзя Дуніна-Марцінкевіча – у 2008-м. Акрамя беларускіх, удзельнікамі фестывалю сталі тэатры з Расіі, Малдовы, Латвіі і Украіны. Прычым драматургія была прадстаўлена аўтарамі разнастайнымі, тут былі У. Караткевіч і М. Каляда, А. Папова і А. Мардань, А. Макаёнак і М. Горкі, Г. Марчук і А. Астроўскі, А. Асташонак і Л. Філатаў, Я. Купала і А. Пушкін.

Асаблівасцю пятага фестывалю ў 2015 го­дзе стала тое, што найлепшым быў прызнаны спектакль «Пінская шляхта» па п’есе В.І. Дуніна-­Марцінкевіча ў пастаноўцы В. Баркоўскага. Шосты фестываль праходзіў у культурнай сталіцы 2017 года, якой і быў Бабруйск. Мы пацвердзілі званне культурнай сталіцы Беларусі: спектакль нашага тэатра «Кропкі на часавай восі» перамог у пяці намінацыях і з’явіўся сапраўднай па­дзеяй у культурным жыцці горада.

Унікальнасць сёмага фестывалю ў тым, што яго праграма складалася са спектакляў выключна паводле твораў беларускіх драматургаў, хоць удзел бралі і замежныя калектывы. Рэпертуар мінулага, восьмага, фестывалю таксама складаўся са спекталяў толькі беларускіх аўтараў гісторыка-нацыянальнай і ваенна-патрыятычнай накіраванасці, таксама была прадстаўлена сучасная беларуская драматургія.

Традыцыйна праграма фестывалю ўключае абмеркаванні паказаных спектакляў членамі журы і крытыкамі: прафесійная ацэнка не заўсёды супадае з глядацкай, дарэчы. Разынкай кожнага фестывалю з’яўляецца творчая лабараторыя, якая складаецца з чытак п'ес, эцюдаў спектакляў, лекцый і прэзентацый. Сёлетняя творчая лабараторыя «Святло майстра», прысвечаная памяці Аляксея Дударава — пастаяннага члена журы фестывалю і вялікага сябра нашага тэатра, таксама заклікана садзейнічаць пошуку новых маладых таленавітых аўтараў у розных жанрах тэатральнага мастацтва, распрацоўцы і ўдасканаленню новых драматургічных напрамкаў, папулярызацыі твораў беларускіх драматургаў, пашырэнню рэпертуарнай палітры тэатраў.

Аляксей Дудараў у складзе журы фестывалю

Тэатр, як і тэатральны фестываль, не можа існаваць без самых галоўных ўдзельнікаў – без вас, шаноўныя гледачы! Таму прымаем да ведама толькі што прачытаную інфармацыю, выбіраем з фестывальнай афішы зручныя даты і ўпадабаныя спектаклі, адчуваем сябе паўнапраўнымі ўдзельнікамі галоўнай тэатральнай падзеі Бабруйска – і кіруем у цэнтр, у цэнтр любімага горада, у цэнтр тэатральна-­культурнага жыцця Рэспуб­лікі Беларусь! Разам з вамі мы выканаем вельмі важную місію нашага фестывалю – будзем і надалей захоўваць і папулярызаваць, актуалізаваць і развіваць беларускую драматургію, а таксама падтрымлі­ваць сучасных аўтараў і маладых рэжысёраў. Чакаем вас, шаноўныя тэатралы, і рыхтуем для вас самыя лепшыя спектаклі самых лепшых тэатраў Беларусі!

Таццяна Мурманцава
Фота Алы Сказавай