Бобруйский новостной портал BOBRlife

Бобруйск — Новости — Новости Бобруйска — Погода — Курсы валют — Общественно-политическая газета — Бобруйский портал — Бобруйск новости — бобр лайф — бобрлайф — Зефир FM — Бабруйскае жыцце — бж — bobrlife

Людміла Крылова: зачараванне беларускага танца

53 0

Людміла Крылова: зачараванне беларускага танца

Можна з ранку да вечара слухаць, як Людміла Крылова распавядае пра беларускія традыцыі ў танцах, адзенні, адносінах. З такімі захапленнем і замілаваннем яна гаворыць пра абрады і паўсядзённыя рэчы нашых продкаў, што немагчыма застацца абыякавым. А ўсё таму, што гэта не толькі кніжныя веды, а само жыццё.

Людміла Уладзіміраўна – настаўнік беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе №34. У Палацы мастац­тваў зай­маецца творчасцю ў клубе «Натх­ненне». У гэтай суполцы людзі сапраўды натхняюць адзін аднаго, і там бабруйчанка знайшла аднадумцаў, якія трымаюцца ідэі адраджэння сваёй нацынальнай адметнасці або рамёстваў, традыцыйнай культуры. Людміла Крылова размаўляе заўсёды на роднай мове, умее пашыць беларускі строй, вышыць кашулю і саткаць пояс з арнаментам, як гэта рабілі нашы продкі. І яшчэ яе шчыры запал – беларускія танцы. Тыя, што танчылі на вячорках і святах сяляне. Сама жынчына вырасла ў вёсцы, дзе спрадвеку жылі яе бабулі і дзядулі.

Пачалася цікавасць да беларускіх традыцый амаль 10 гадоў назад. Працуючы тады намеснікам дырэктара ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, Людміла Крылова рэалізавала ініцыятыву беларускамоўнага летняга лагера. Змена называлася «Вяртанне да вытокаў» з падраздзеламі – беларускія ежа, вопратка, танцы.

Людміла Крылова марыць ўзнавіць абрады Бабруйшчыны па традыцыйным калядаванні

Яна была сведкам адметных абрадаў, на якіх прысутнічала ў вёсках – вяселле, Юр’я (Гомельшчына), Каляда на дуба (Клічаў), «Жаніцьба Цярэшкі» (Віцебшчына), Пятрок (Любанскі раён).

«Для мяне гэта было адкрыццё, – прызнаецца яна. – Беларускай культуры ўласцівы цыклічнасць, таямнічасць. Тыдзень ад Купалля да Петрака (7-12 ліпеня) – час заігрывання паміж хлопцамі і дзяўчынамі, скокі праз вогнішча, плятуць вянкі, шукаюць папараць-кветку шчасця. На Петрака 12 ліпеня дзяўчына пры людзях апранае сплецены вянок на таго хлопца, за якога хоча выйсці замуж (ён можа зняць вянок, тады дзяўчына ўжо не мела права надзець на другога хлопца – трэба чакаць год. Можа, за гэты час да яе пасватаецца другі, але гэта быў момант самастойнага ўзаемнага выбару). Зараз святы як бы вырваны з кантэксту, а на самой справе гэта цэлая жыццёвая гісторыя: зімой на Каляды – прыгледзеліся, пасля веснавых работ і сенакосу на летнія святы пагуляліся, выбралі пару, далей работа ў полі, жніво, увосень – збор ура­джаю і час для вяселляў. Усё настолькі храналагічна і дэталёва было пабудавана ў культуры беларусаў».

 

«Каб гэта рабіць, трэба было самой вывучыць. І я пачала шу­каць. Так трапіла на першыя майстар-класы этнографаў-харэографаў, да народных майстроў, якія вышывалі, ткалі, стала ў іх вучыцца. Паступова ў Палацы мастац­тваў быў адкрыты гурток па вышыўцы, майстар вучыла рабіць традыцыйную кашулю. І вось там мне давялося стварыць свой першы строй нашага рэгіёна. Я «захварэла» беларускай культурай, навучылася ткаць, вышываць», – расказвае Людміла Уладзіміраўна.

Навучылася сама, а цяпер веды і навыкі перадае іншым. У школе з дзецьмі ладзіць танцавальныя перапынкі, робіць даследніцкія работы, праводзіць майстар-класы і святочныя мерапрыемствы з беларускімі абрадамі. «Гэта стала ідэяй ад жыцця і шыкоўнай магчымасцю рэалізаваць здольнасці, – ўпэўнена настаўніца. – Звычайна на тыдзень беларускай мовы мы танчым у школьным фае кожны дзень 2-3 перапынкі. Дзеці становяцца ў кола і паўтараюць танцавальныя рухі. На Масленіцу традыцыйна выходзім з танцамі на вуліцу, заводзім карагод. Калі Палац мастацтваў арганізуе майстар-класы па вопратцы, адзенню, строі ў школах, я з задавальннем прымаю ўдзел. І калі дзеці апранаюць беларускі строй, вы не ўяўляеце – гэта такі стан касмічнасці. У дзяўчыны адразу спіна выраўніваецца, калі апранае гарсэт, камізэльку, пояс завязвае. Хлопцы ў вышываных кашулях такія гарныя становяцца. Абсалютна другая статуснасць у дзяцей з’яўляецца. Расказ­ваю, як сябе паводзілі на танцах, што было заве­дзена, як прынята было запрашаць на танец. У нас многа традыцыйных бытавых танцаў – «Лявоніха», гапак, кракавяк, падэспань, «Базар». Зараз шмат дзе танцуюць: у Мінску, на Верхнім горадзе, на розных фестывалях. Як толькі ёсць повад, ездзім сям’ёй на народныя святы, фэсты, кірмашы, ­майстар-класы па танцах, з задавальненнем апранаем беларускі строй. Гэта такі стан захаплення, асалоды, калі не трэба нікуды спяшацца, што адчуваеш сябе абсалютна па-іншаму».

Людміла Крылова прывяла сваіх бацькоў да беларускіх побытавых танцаў. У вёсцы Цялуша Бабруйскага раёна гадоў 10 назад пенсіянеры вырашылі, што трэба збірацца разам ў клубе кожную пятніцу на танцы, арганізаваўся калектыў. «Я прапанавала: а чаму б не танчыць адзін традыцыйны танец за вечар. Навучыла сваіх бацькоў, бо яны на жаль не захавалі тое, што ім перадалі дзяды, дала ім музычныя запісы, наігрышы. І бацькі ўвялі ў клубе такую традыцыю. На сёння ёсць пэўны рэпертуар беларускіх танцаў, якія ведаюць мясцовыя жыхары. Свята вёскі, Масленіца, Каляды, Купалле, Багач – яны сваім імправізаваным калектывам танцуюць, – расказвае Людміла Ула­дзіміраўна. – У Бабруйску вяду заняткі ў «Акадэміі 50+», дзе збіраюцца людзі сталага ўзросту. Выкладаю ім мову і час ад часу ладжу танцавальныя майстар-класы, куды аматары прыхо­дзяць з задавальненнем. Беларускі танец жыве: навучыла дзяцей у школе, маладое пакаленне, і аднавяскоўцаў ­бацькоў, старэйшае пакаленне”.

Танцавальныя назіранні
Людмілы Крыловай

• Раней ў вёсцы танчылі ўсе. На святах, вячорках жыхары станавіліся ў кола, адны і тыя ж рухі паўтараюцца, і з некалькіх камбінацый атрымліваецца танец.

• Дзяўчына на танцах не магла адмовіць хлопцу, калі яе запрашалі на вячорках, а калі адмаўляла, то не мела права танцаваць у гэты вечар ні з адным хлопцам. Гэта момант павагі да партнёра. Гэта вёска, усе адзін аднаго бачаць, і калі выражаюць нейкую непавагу да мужчыны, гэта не было годным для жанчыны. Таму звычайна дзяўчына абавязана была патанчыць.

• Танцы былі вельмі эстэтычныя. Мужчына паважаў жанчыну ў танцы, ён яе вёў, і не было нейкіх нахабных рухаў, дзеянняў. Толькі ў польке хват быў моцны, калі трэба трымаць дзяўчыну за талію. Большасць жа танцаў вельмі акуратныя, калі трымаюць толькі за рукі. Таму не было поваду адмаўляць танчыць.

• Калі ездзілі ў вёску Дурынічы збіраць фальклор, там нам гаварылі, што ніколі раней жанчына з жанчынай не танчылі, гэта было не прынята. Ніколі п’яныя хлопцы не прыходзілі на танцы. Не было пары, значыць, ігралі толькі музыкі. Музыка – чалавек, які кіруе ўсім танцавальным працэсам. Ніколі яго не спынялі, бо гэта на танцах быў цар і бог, яму плацілі, збіралі грошы, каб ён іграў. Акампаніатар падстраіваецца пад калектыў, яму заяўляюць тэмп, а музыка іграе так, як яму лоўка, як ён хоча. Можна замо­віць танец, але тэмп і манеру ён выбірае сам, і танцоры падстраіваюцца. Музыкі могуць пажартаваць: павялічыць тэмп, гэта такая своеасаблівая гульня была ў беларусаў на вячорках.

• Традыцыйна нашы танцы танцуюцца ў коле, роўненька, як сонца. Гэта настолькі аб’ядноўвае, калі ў вочы адно аднаму глядзяць. Танец са зменай партнёра – цэлая гульня ­заігрывання-знаёмства ў моладзі, якой ўсе падпарадкоўваліся. Уменне трымаць кола калектыўна страварае своеасаблівы камандны рух, адчуванне адзінасці. У вёсцы ўвогуле адзін аднаго трымаліся, дапамагалі. Былі і аўтарскія танцы, калі жанчына ці пара выходзілі і маглі сябе паказаць. Колавыя танцы – гэта зачараванне, задавальненне.

• Беларусь мяжуе з рознымі краінамі, таму адна культура паўплывае на другую, таму адны і тыя ж танцы могуць танчыць на розны манер. А колькі варыянтаў «Лявоніхі» на Беларусі! У вёскі Ласі Бабруйскага раёна яшчэ ў 1970-я гады запісана рэдкая «Лявоніха» – танцавалася не парамі, а колам са зменай партнёра, складанымі камбінацыямі. У розных вёсках свой набор фігур ў танцы. Бывала, беларускія традыцыйныя танцы змешваліся трошкі з панскімі (шляхецкімі), сяляне працавалі ў паноў і пераймалі.

Маргарыта Бушуева
Фото з сямейнага архіва Людмілы Крыловай