Ва ўрачыстых абставінах ключ ад мабільнага медыцынскага комплекса — пятага па ліку на Магілёўшчыне — перадаў галоўнаму ўрачу Бабруйскай гарадской паліклінікі №2, на базе якой будзе функцыянаваць ФАП на калёсах, Таццяне Гацко начальнік упраўлення аховы здароўя Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Гацко.
Удзел у мерапрыемстве прынялі старшыня Бабруйскага райвыканкама Аляксандр Сухадольскі, старшыня райсавета дэпутатаў Ірына Старавойтава, галоўны ўрач Бабруйскай цэнтральнай бальніцы Аксана Крупеніч.
– На тэрыторыі нашага раёна функцыянуюць 19 ФАПаў, якія абслугоўваюць у тым ліку аддаленыя маланаселеныя населеныя пункты з колькасцю жыхароў да 10 чалавек. Таму сучасны перасоўны мабільны комплекс своечасовы, запатрабаваны. Упэўнены, што медперсанал дойдзе да кожнага нашага вяскоўца і гэтая работа будзе эфектыўнай, — адзначыў Аляксандр Сухадольскі.
Падзяку вышэйстаячым органам, уладзе краіны за магчымасць сучаснага падыходу да выяўлення і лячэння хвароб у сельскіх жыхароў выказала і Таццяна Гацко. Яна адзначыла, што дзякуючы мабільнаму комплексу медыкі ахопяць сваёй увагай жыхароў аддаленых населеных пунктаў, а значыць, усё насельніцтва раёна. Комплекс абсталяваны ўсім неабходным для аказання пярвічнай спецыялізаванай медыцынскай дапамогі. Там будзе працаваць сярэдні медработнік, але пры неабходнасці будуць прыцягвацца і ўсе ўрачы-спецыялісты, а таксама іншыя работнікі паліклінікі. Медработнік будзе праводзіць не толькі медыцынскія агляды, але і лабараторныя, інструментальныя, функцыянальныя абследаванні грамадзян. Будуць праводзіцца імунапрафілактыка, дыспансерызацыя, рэалізацыя лекавых прэпаратаў, словам, будзе аказвацца ўсебаковая меддапамога. «І я ўпэўнена, што такі падарунак да Новага года будзе садзейнічаць здароўю нашых сяльчан», – заўважыла Таццяна Гацко.
Уладзімір Гацко ў сваю чаргу адзначыў, што сістэма аховы здароўя з’яўляецца прыярытэтам нашай сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Клопат пра здароўе насельніцтва стаіць на першым месцы, а таму ў краіне робіцца ўсё для таго, каб медыцынскія ўстановы адпавядалі сучасным патрабаванням: вядуцца ўзвядзенне і рэканструкцыя бальніц, паліклінік, фельчарска-акушэрскіх пунктаў, набываецца сучаснае медабсталяванне. У гэтым радзе стаяць, як ён адзначыў, і перасоўныя медыцынскія комплексы, якіх толькі на Магілёўшчыне ўжо пяць, а да канца года з’явіцца яшчэ болей. «Выключна ўсім грамадзянам павінна быць даступна медыцынская дапамога, у якой яны маюць патрэбу», – адзначыў Уладзімір Гацко.