Новы, 2025-ы, год багаты на значныя юбілейныя даты. Мы ганарымся, што тэатр з’яўляецца аднагодкам Вялікай Перамогі: адлік сезонаў пачаўся менавіта адразу пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Але ў сталым узросце тэатр вызначае даволі сучасны і цікавы рэпертуар.
Спецыяльна створаны да Новага года мюзікл «Шчаўкунок» (аўтар – А. Шаўцоў, рэжысёр – З. Нуянзін) парадаваў бабруйчан і гасцей горада розных узростаў: неўміручая класіка заўсёды ў модзе! Прыгожыя касцюмы і стыльныя дэкарацыі, меладычная музыка і таленавітая ігра артыстаў – і на сцэне свята! Дарослыя вярнуліся ў дзяцінства, а дзеці апынуліся ў казцы.
Казкамі мы плануем радаваць гледача і надалей: ужо пачалася праца над новым спектаклем для дзяцей. Пакуль не будзем раскрываць усе таямніцы, скажам толькі, што гэта будзе казка з дынамічным дэтэктыўным сюжэтам «Выкраданне цыбулін». Дарослых мы хочам здзівіць цікавай гісторыяй пра сяброўства Эдзіт Піаф і Марлен Дзітрых «Верабей і Анёл», падчас спектакля папулярныя ў тыя часы песні спяваць артысткі будуць ужывую. Напружаная праца ўсяго калектыву тэатра забяспечыць высокі ўзровень новых спектакляў.
Гэта толькі бліжэйшыя планы, сярод якіх – юбілейны вечар, дзе мы будзем рады бачыць вас, нашы дарагія гледачы, каб разам адсвяткаваць наш юбілей! Да новых сустрэч у тэатры!