Дарагія браты і сёстры ў Хрысце!
Промень ласкі Божай на зямлю праліўся, каб табе даць шчасце, Збаўца Нарадзіўся…
Сын Божы стаў чалавекам, бо дзякуючы Духу Святому прыняў цела з Дзевы Марыі. Звычайная, скромная бэтлеемская пячора стала першым месцам знаходжання Езуса з людзьмі. Ён прыходзіць да кожнага чалавека, нягледзячы на яго статус і адносіны да Бога. Ён – Збаўца свету. Езус Хрыстус запрашае нас учыніць сваё сэрца мейсцам Ягонага пражывання. Мы павінны распачаць усе намаганні ісці шляхам Трох Каралёў, каб, кіруючыся Божай зоркай, не заблукаць у цемры граху. На гэтай дарозе Езус нам дапамагае праз дары: веру, надзею, любоў, якія на працягу ўсяго свайго жыцця мы адкрываем.
Паважаныя браты і сёстры ў Хрысце Пану, жыхары нашага горада, людзі добрай волі, вызнаўцы розных хрысціянскіх веравызнаньняў, віншую вас з Урачыстасцю Божага Нараджэння. Няхай Маленькае Дзіцятка Езус праз сваё Нараджэнне адорыць кожнага з вас ласкаю Супакою. Няхай абараняе вас ад спакусаў злога духа! Няхай спрыяе вам Сваім Благаслаўленнем! Няхай прыносіць у вашыя сем’і радасць і аднаўленне веры, надзеі і любові!
Святая Маці Тэрэза з Калькуты казала, што Божае Нараджэнне прыходзіць кожны раз, калі мы шчыра ўсміхаемся бліжняму, кожны раз, калі маўчым, каб выслухаць іншага. Кожны раз, калі прызнаём нашыя памылкі. Кожны раз, калі прабачаем, калі ўстаём на абарону слабейшых, калі дапамагаем церпячым. Кожны раз, калі дазваляем Богу нарадзіцца ў нашых сэрцах, каб праз нас Ён любіў тых, хто знаходзіцца побач.
Няхай Божая любоў ззяе ў вашых сэрцах і адкрывае новыя гарызонты пазнання Бога!
Ад імя каталіцкіх вернікаў у Бабруйску настаяцель парафіі ксёндз Андрэй Таўрук